«Лепей іх адстрэльваць на вачах людзей?». Камунальнікі ігнаруюць актывістаў у Рэчыцы, якія хочуць гуманна вырашаць лёс валацужных жывёлаў

У Рэчыцы ўжо некалькі месяцаў доўжыцца кампанія па стварэнні дзяржаўнага пункта часовага ўтрымання валацужных жывёл пры мясцовай камунальнай гаспадарцы. На 14 верасня ў актавай зале райжылкамгасу быў прызначаны «круглы стол» паміж зацікаўленымі жыхарамі і камунальнікамі, паведамляе Гомельскі зялёны партал

Шмат разоў жарсныя абмеркаванні ў сацсетках выклікалі здымкі адстрэлаў сабак і катоў у гарадскіх мікрараёнах проста на вачах у жыхароў. Першы ў Беларусі прыватны прытулак для кінутых людзьмі жывёлаў «Выспачка надзеі», які існуе ў прыгараднай вёсцы Азершчына, не дае рады прыладзіць усіх валацуг. Таму жыхары горада дамагаюцца ад камунальнікаў стварэння спецыялізаванагаі дзяржаўнага падраздзялення, дзе магчыма было б утрымліваць жывёл, якіх сёння проста адстрэльваюць.

Як паведамілі ў інтэрнэце актывісты змагання, яны дамовіліся аб пашыранай сустрэчы зацікаўленых жыхароў горада з кіраўніцтвам камунальнай службы. Адкрыты круглы стол з тэмай «Ці патрэбны Рэчыцы пункт часовага ўтрымання бяздомных жывёлаў» быў вусна ўзгоднены з кіраўніцтвам Рэчыцкага райжылкамгасу на 14 верасня а 15 гадзіне ў актавай зале райжылкамгасу.

Да пачатку анансаванай праз інтэрнэт сустрэчы да будынку райжылкамгасу прыйшлі каля двух дзясяткаў чалавек. Але ў памяшканне іх… не пусцілі. Вахцёр камунальнага прадпрыемства не мела аніякага ўказання пра нейкія мерапрыемствы, а ў актавай зале ў гэты час праводзілася нарада прафкама камунальнікаў.

Генеральны дырэктар КУП «Рэчыцкі райжылкамгас» Аляксандр Рапейка ў гэты дзень з’ехаў у Мінск, а ягоны першы намеснік Валерый Цімашэнка, паводле словаў вахцёра, ад рання знаходзіўся на нейкай нарадзе ў райвыканкаме.

Дарэчы, менавіта ў гэты дзень Рэчыцу наведвала кіраўніца арганізацыі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч, якая таксама пажадала ўзяць удзел у абмеркаванні праблемы, што хвалюе гараджан. Караткевіч разам з мясцовай актывісткай арганізацыі Інай Маненковай сталі асноўнымі перамоўшчыцамі з камунальнікамі.

Сітуацыю ўзяўся вырашыць іншы намеснік гендырэктара камунальнага прадпрыемства Васіль Блізнец. Ён запрасіў некалькіх чалавек да сябе ў кабінет, сказаўшы, што ўсе, хто прыйшоў, туды папросту не ўмесцяцца.

Такім чынам, замест «круглага стала» адбыўся калектыўны прыём грамадзян, на якім праблему абмяркоўвалі некалькі чалавек з жыхароў гораду, кіраўніца «Гавары праўду» і намеснік гендырэктара райжылкамгасу.

Варта адзначыць, што сярод тых, хто імкнуўся паўдзельнічаць у абяцаным «круглым стале», былі і тыя, хто катэгарычна супраць пункта часовага ўтрымання жывёлаў.

Жанчына, якая назвалася Жанай Віктараўнай, чакаючы на вуліцы, даводзіла, што ў гэты пункт пачнуць усе звозіць непатрэбных жывёлаў, сабакі і каты будуць пакутваць, там будзе кепская ежа, не будзе ветэрынарнага абслугоўвання. На пытанне, ці лепей, калі гэтых жывёлаў папросту адразу застрэльваюць, кабета адказала, што гэта не лепей, але і пункт часовага ўтрымання рабіць не варта. Як пазней высветлілася, жанчына літаральна ў дзень меркаванага «круглага стала» звольнілася з райжылкамгасу.

Тым не менш, актывісты, якім удалося паразмаўляць з намеснікам генеральнага дырэктара Рэчыцкага райжылкамгасу, сцвярджалі, што знайшлі паразуменне з чыноўнікам, і нават пабачылі ў ім свайго аднадумцу.

Васіль Блізнец некалі ініцыяваў абсталяванне ў горадзе пляцовак для выгулу сабак. Але цяпер камунальнікі не абапіраюцца на грамадскасць і не хочуць працаваць сумесна з жыхарамі горада. Круглы стол, які меркавалася правесці, як раз і меў на мэце знайсці шляхі вырашэння даволі значнага пытання па гуманным стаўленні да кінутых людзьмі жывёлаў.

Вынікам сустрэчы пакуль стала абяцанне намесніка кіраўніка райжылкамгасу пісьмова ўзгадніць новы час правядзення пашыранай сустрэчы з жыхарамі горада і актывістамі з нагоды стварэння пункта часовага ўтрымання жывёл.

Filed in: Без рубрики

Вам могло бы понравиться:

“Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання” распаўсюдзілі ў Рэчыцы “Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання” распаўсюдзілі ў Рэчыцы
Мова – не «дзікая сумесь»! Яшчэ аднаго рэчычаніна, які публічна абразіў беларускую мову, прыцягнулі да адказнасці Мова – не «дзікая сумесь»! Яшчэ аднаго рэчычаніна, які публічна абразіў беларускую мову, прыцягнулі да адказнасці
«Лепей іх адстрэльваць на вачах людзей?». Камунальнікі ігнаруюць актывістаў у Рэчыцы, якія хочуць гуманна вырашаць лёс валацужных жывёлаў «Лепей іх адстрэльваць на вачах людзей?». Камунальнікі ігнаруюць актывістаў у Рэчыцы, якія хочуць гуманна вырашаць лёс валацужных жывёлаў
«Свае палітычныя правы абараняць можна і трэба!» У Рэчыцы прайшла сустрэча актывістаў з юрыстам ПЦ «Вясна» Леанідам Судаленкам «Свае палітычныя правы абараняць можна і трэба!» У Рэчыцы прайшла сустрэча актывістаў з юрыстам ПЦ «Вясна» Леанідам Судаленкам

Leave a Reply

Добавить комментарий

© 5505 Рэчыца. Навіны твайго горада. Усе правы абароненыя.
Яндекс.Метрика