«Свае палітычныя правы абараняць можна і трэба!» У Рэчыцы прайшла сустрэча актывістаў з юрыстам ПЦ «Вясна» Леанідам Судаленкам

Праваабарончы цэнтр “Вясна” запрасіў рэчыцкіх грамадскіх актывістаў на сустрэчу з юрыстам Леанідам Судаленкам, каб патлумачыць механізмы прававой абароны палітычных і грамадзянскіх правоў чалавека на нацыянальным і міжнародным узроўнях. 

На пачатку сустрэчы Леанід Судаленка адзначыў, што грамадзяне практычна ўсіх постсавецкіх краінаў, акрамя Беларусі,  маюць магчымасць карыстацца такім механізмам міжнароднай абароны сваіх палітычных правоў, як разгляд спрэчак у Еўрапейскім судзе па правах чалавека. Беларусь не ратыфікавала Еўрапейскую канвенцыю аб правах чалавека, таму ЕСПЧ не мае магчымасці прымаць да разгляду скаргі грамадзян Беларусі аб парушэнні іх правоў, якія дапускае дзяржава.

Адзіная міжнародная інстанцыя, даступная беларусам для міжнароднай абароны сваіх правоў, – Камітэт па правах чалавека ААН. Нашыя ўлады вельмі ганарацца сяброўствам у ААН, часта ўзгадваюць, што Беларусь з’яўляецца адной з краінаў-заснавальніц ААН, таму ААНаўскія дакументы нашай краінай ратыфікаваныя.

Сёння, паводле звестак Леаніда Судаленкі, у Камітэце па правах чалавека ААН зарэгістравана 245 скаргаў ад грамадзян Беларусі. Але, перш чым патрапіць у Жэневу, дзе размешчана штаб-кватэра міжнароднай інстанцыі, справа павінна вычарпаць усе ўнутраныя магчымасці  прававой абароны на нацыянальным узроўні.

Практыка паказвае, што пры раглядзе справаў, датычных абароны палітычных і грамадзянскіх правоў – а гэта права на выказванне свайго меркавання, права на мірныя сходы, права на сбор і распаўсюд інфармацыі і шэраг іншых, суды кіруюцца не законам, а распараджэннямі выканаўчых уладаў, – сцвярджае Леанід Судаленка. – Нашых суддзяў прызначае на пасады на пяцігадовы тэрмін асабіста кіраўнік выканаўчай галіны ўлады – прэзідэнт. І, зразумела ж, яны цалкам залежныя ад выканаўчай улады. Калі суддзя будзе прымаць рашэнні, грунтуючыся на доказах вінаватасці альбо невінаватасці, на законе, а не на ўказаннях органаў выканаўчай улады, то ён доўга не затрымаецца на пасадзе суддзі”.

Менавіта таму для таго, каб вычарпаць унутраныя спосабы абароны сваіх правоў і мець магчымасць звярнуцца ў КПЧ ААН, беларусам даводзіцца праходзіць усе беларускія судовыя інстанцыі і плаціць за разгляд справы на кожным узроўні па дзве базавыя вялічыні, а гэта сёння складае прыкладна 20 еўра. Тым не менш, як паказвае практыка праваабарончай дзейнасці ПЦ “Вясна”, унутраныя нацыянальныя сродкі абароны палітычных і грамадзянскіх правоў у Беларусі аказваюцца неэфектыўнымі.

У гэтай сувязі, асноўнае пытанне, якое хвалявала рэчыцкую аўдыторыю: які ж плён ад таго, што чалавек звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека і нават атрымаў вырашэнне скаргі на сваю карысць?

Па-першае, калі б не гэтая вялікая колькасць скаргаў, якія паступаюць у міжнародную інстанцыю, свет увогуле б лічыў, што Беларусь – ідэальная прававая дзяржава. Але гэта далёка не так, і гэта трэба паказваць”, – кажа праваабаронца.

Леанід Судаленка распавёў пра ўласны досвед звароту ў Камітэт па правах чалавека, калі КПЧ прызнаў дзеянні беларускай дзяржавы парушэннем правоў, вынес рашэнне аб прыняцці мераў агульнага характару, якія тычацца зменаў заканадаўства, і мераў прыватнага характару, якія абавязвалі дзяржаву выплаціць разумную і справядлівую суму ў адплату нанесенага грамадзяніну ўрону. Але беларускія ўлады даводзяць, што рашэнні КПЧ для іх не з’яўляюцца абавязковымі, а маюць толькі рэкамендацыйны характар, таму спагнаць суму ўрону пакуль не ўдаецца. У ідэале ж, гэтая сума павінна быць выплачаная чалавеку, чые правы парушаныя, з дзяржаўнага бюджэту, а потым спагнаная ў бюджэт са службовай асобы, якая дзейнічала незаконна і парушыла правы чалавека. Такім чынам гэты механізм уздзейнічае на канкрэтных службоўцаў – супрацоўнікаў органаў МУС, суддзяў, пракурораў, дзяржаўных чыноўнікаў, і ў краінах, якія выконваюць узятыя на сябе ў рамках ААН абавязацельствы, з’яўляецца вельмі эфектыўным сродкам абароны правоў чалавека.

Актывіст незалежнага прафсаюза РЭП Андрэй Стрыжак, які ўдзельнічаў у сустрэчы, і таксама звяртаўся ў КПЧ са скарагамі і атрымаў станоўчы вынік, давёў, што рашэнні Камітэта па правах чалавека ААН не маюць тэрміну даўніны.

“Пры змене стаўлення ўлады Беларусі да сваіх міжнародных абавязацельстваў (напрыклад, пры жаданні дзеючай улады палепшыць адносіны з міжнароднай супольнасцю, альбо пры змене ўлады) рашэнні Камітэта па правах чалавека цалкам рэальна могуць быць выкананы. Больш таго, нават, калі сам грамадзянін, чые правы былі парушаныя дзяржавай, не дачакаецца выканання рашэння КПЧ, па яго могуць звярнуцца нашчадкі гэтага чалавека”, – распавёў Андрэй Стрыжак.

Падчас сустрэчы рэчыцкія актывісты таксама дзяліліся сваім досведам удзелу ў назіраннях за выбарамі, паспяховых грамадскіх кампаній з дапамогай калектыўных зваротаў у дзяржаўныя органы. Дыскусія атрымалася даволе насычанай і цікавай. Асноўная выснова, якая праходзіла скрозь усю размову, была выказана Леанідам Судаленкам: “Людзям, неабыякавым да сітуацыі ў краіне, якія імкнуцца дзейнічаць і нешта змяняць, варта ведаць – свае палітычныя і грамадзянскія правы абараняць можна і трэба!”

Андрусь ГАЁВЫ

Filed in: Без рубрики

Вам могло бы понравиться:

“Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання” распаўсюдзілі ў Рэчыцы “Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання” распаўсюдзілі ў Рэчыцы
Мова – не «дзікая сумесь»! Яшчэ аднаго рэчычаніна, які публічна абразіў беларускую мову, прыцягнулі да адказнасці Мова – не «дзікая сумесь»! Яшчэ аднаго рэчычаніна, які публічна абразіў беларускую мову, прыцягнулі да адказнасці
«Лепей іх адстрэльваць на вачах людзей?». Камунальнікі ігнаруюць актывістаў у Рэчыцы, якія хочуць гуманна вырашаць лёс валацужных жывёлаў «Лепей іх адстрэльваць на вачах людзей?». Камунальнікі ігнаруюць актывістаў у Рэчыцы, якія хочуць гуманна вырашаць лёс валацужных жывёлаў
«Свае палітычныя правы абараняць можна і трэба!» У Рэчыцы прайшла сустрэча актывістаў з юрыстам ПЦ «Вясна» Леанідам Судаленкам «Свае палітычныя правы абараняць можна і трэба!» У Рэчыцы прайшла сустрэча актывістаў з юрыстам ПЦ «Вясна» Леанідам Судаленкам

Leave a Reply

Добавить комментарий

© 5489 Рэчыца. Навіны твайго горада. Усе правы абароненыя.
Яндекс.Метрика