Лідары «Гавары праўду» правялі ў Рэчыцы грамадскія слуханні, прысвечаныя Дэкрэту № 3

Каля пяцідзесяці чалавек узялі ўдзел у сходзе, што адбыўся ў Рэчыцы ў мінулую нядзелю. На ім людзі абмяркоўвалі захады супрацьдзеяння парушэнню сваіх правоў, выкліканых славутым прэзідэнцкім Дэкрэтам № 3 “Аб папярэджванні сацыяльнага ўтрыманства”. Ініцыятарамі сходу з’явіліся мясцовыя актывісты кампаніі «Гавары праўду».

Так званыя «лісты шчасця» з падатковай інспекцыі, якія патрабуюць ад грамадзян сплаціць у дзяржаўную казну незразумелы збор з тых, хто не мае сталае афіцыйнае працы, жыхары Рэчыцы і раёна пачалі атрымліваць яшчэ напрыканцы мінулага года. Многія абураюцца, але як сапраўднаму дзяржаўнаму рабаўніцтву супрацьстаяць амаль ніхто нават не ўяўляе.

Манавіта таму, што можа зрабіць звычайны чалавек у сітуацыі, якую стварылі непрадуманыя дзеянні ўлады, і былі прысвечаныя выступы на сходзе. Адкрыла імпрэзу экс-кандыдат на прэзідэнта Беларусі, адна з лідараў кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч.

«Важна, каб як мага болей людзей разумелі тое, што зараз адбываецца, каб яны маглі паглядзець у будучыню і падумаць, а ці не чакае такі самы бязглузды падатак іхніх дзяцей, альбо і іх саміх, калі яны з нейкай прычыны страцяць працу. Важна, каб усе разумелі, што калі цяпер цябе гэтае пытанне не датычыцца, то няма гарантыі, што яно не будзе датычыцца цябе заўжды», – адзначыла Таццяна Караткевіч.

Яшчэ адзін з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў выказаў, упэўненасць, што гэты дэкрэт, які відавочна парушае не толькі грамадзянскія правы, але і любую здаровую логіку, будзе адменены, гэта толькі пытанне часу. Акрамя таго, паводле меркавання Дзмітрыева, калі б гэта быў не прэзідэнцкі дэкрэт, пад якім стаіць подпіс самога Лукашэнкі, а, напрыклад, закон, прыняты парламентам, то яго б ужо цяпер адмянілі. Зараз жа, як лічыць палітык, улады папросту не ведаюць як асадзіць назад бязглуздую ініцыятыву, не страціўшы свайго твару.

Андрэй Дзмтрыеў заклікаў удзельнікаў сходу не сплочваць гэты збор і пашыраць інфармацыю пра тое, што гэтага рабіць не трэба, сярод сваіх сяброў і знаёмых. «Закон дае вам права звяртацца ва ўстановы двух накірункаў – у падатковыя органы і ў органы мясцовай улады. І сёння вы маеце поўнае права звяртацца ў падатковую інспекцыю з заявай аб тым, каб вас вызвалілі ад сплаты гэтага збору. Калі падаковая інспекцыя раёну вам адмаўляе, вам дадзенае права абскарджваць адмову ў інспекцыю абласнога ўзроўню, потым у Міністэрства па падатках і зборах. Калі і адтуль вы атрымліваеце адмову – то можаце пачынаць перапіску наноў, але з органамі мясцовай улады – раённы выканкам, абласны, адміністрацыя прэзідэнта. І пакуль доўжыцца ліставанне – з вас не маюць права патрабаваць сплаціць гэтыя грошы»,  –  акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў Андрэй Дзмітрыеў.

Асноўны пасыл выступоўцаў быў такім, што самае галоўнае на сёння – яднанне ўсіх сілаў, якія хочуць зменаў. «Лукашэнка сказаў, што супраць дэкрэта аб дармаедстве выступае ўсяго недзе каля тысячы чалавек ва ўсёй краіне. І ён у гэтых варунках нават не хлусіць. Проста так працуе дзяржаўны апарат, які дае яму гэтую лічбу. Гнеўныя водгукі ў інтэрнэце і разважанні недзе на кухні дзяржавай не ўлічваюцца, яна бачыць толькі тое, што прыйшло да яе ў выглядзе афіцыйных зваротаў. І калі такіх зваротаў сапраўды ўсяго тысяча, то кіраўніцтва краіны тысячу і бачыць. А павінны прыходзіць тысячы і тысячы! Каб сістэма рапартавала наверх аб сапраўдным узроўні незадаволенасці сярод жыхароў краіны», – зазначыў Андрэй Дзмітрыеў.

Тым не менш, нават сітуацыя ў Рэчыцы паказвае, што незадаволеных дэкрэтам значна болей, чым гэта падаецца ўладамі. У студзені абураныя рэчычане здзейснілі калектыўны паход у мясцовую падатковую інспекцыю, каб аддаць інспектарам свае заявы аб немагчымасці выплочваць нейкі надуманы збор толькі за тое, што яны проста жывыя, і выказаць сваю нязгоду з дэкрэтам прэзідэнта. І, як паведаміў, выступаючы на сходзе, мясцовы актывіст Алег Шабетнік, некаторым ужо пачалі прыходзіць адказы ад падаткавікоў і цяпер рыхтуюцца далейшыя дзеянні з гэтымі адказамі.

На сходзе выступіў і кіраўнік абласной арганізацыі незалежнага прафсаюза работнікаў РЭП Васіль Казлоў, які адзначыў, што ў Рэчыцы за адмену дэкрэта было сабрана больш за 900 подпісаў. Гэта дастаткова вялікая лічба, улічваючы тое, што ў Гомелі, насельніцтва якога амаль у пяць разоў большае, удалося сабраць усяго на паўтары сотні подпісаў болей. Значыць, для нашага горада гэтая праблема асабліва актуальная.

Гэта пацвердзілі і выступы ўдзельнікаў сходу, якія прыводзілі не толькі свае асабістыя выпадкі, але і заклікалі дзейнічаць як мага больш злучана. «Калі ўвялі падатак на дарогі, тыя, у каго няма машын, казалі, што гэта нас не датычыцца, цяпер увялі падатак на беспрацоўе – тыя, хто працуе, кажа, што гэта іх не датычыцца, але хутка дзяржава дабярэца да ўсіх, калі мы ўсе разам гэты яе падыход – пры кожным выпадку залазіць у нашыя кішэні – не спынім», – лічыць былая кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Іна Маненкова. «Каб улада пачала паважаць людзей, людзі павінны быць дружныя», – дадаў удзельнік сходу Аляксандр.

Падсумоўваючы вынікі сходу, Андрэй Дзмітрыеў адзначыў, што Рэчыца – самы актыўны горад у Гомельскай вобласці ў плане рэакцыі на розныя праявы непавагі ўлады да людзей. І сёняшні сход паказаў, наколькі высокая ступень абурэння народа. Прычым, сёння бачна, што ўпершыню за доўгія гады людзі гатовыя дзейнічаць. «Зараз важна не цягнуць людзей на плошчы, дзе на іх складуць пратаколы, накладуць непад’ёмныя штрафы і зноў запужаюць, а паказваць шляхі ўплыву на ўлады сродкамі, якія дазваляе дзеючы закон», – сказаў палітык.

Дарэчы, як запэўніў Андрэй Дзмітрыеў, на сайце кампаніі «Гавары праўду» можна адшукаць алгарытм дзеянняў, якім можа скарыстацца звычайны чалавек, калі да яго прыйшоў ліст з падатковай інспекцыі, каб зацягнуць час і паказаць уладам сваю нязгоду з патрабаваннем плаціць бязглузды і антыканстытуцыйны збор.

Пасля Рэчыцы Таццяна Караткевіч і Андрэй Дзмітрыеў наведалі яшчэ і самы аддалены населены пункт Рэчыцкага раёна – вёску Ведрыч. Калісьці тут была моцная, славутая на ўвесь былы Савецкі Саюз гаспадарка – племсаўгас з аднаіменнай назвай, які стварыў у сваім цэнтры сапраўдны “аграгарадок” тады, калі гэта яшчэ так не называлася. Але цяпер гаспадаркі няма, яна аб’яднаная з двума іншымі сельгаспрадпрыемствамі з цэнтрам у іншым аграгарадку, амаль уся інфраструктура вялікай вёскі разбураная. Але людзі ў ёй жывуць. Дакладней – выжываюць, бо працы ні тут, ні ў размешчаным паблізу горадзе Васілевічы, знайсці практычна немагчыма. На адзіную ферму каля Ведрыча патрабуецца вельмі абмежаваная колькасць работнікаў. І пры гэтым, амаль у кожную хату ўлады даслалі ліст з патрабаваннем выплаціць падатак на “дармаедства”. Некаторыя сем’і атрымалі па два, а то і тры такія лісты. Таму людзі і захацелі сустрэцца з палітыкамі, якія спрабуюць дагрукацца да ўлады. У цэнтры Ведрыча сабралася некалькі дзясяткаў жыхароў, якія выказалі сваё абурэнне Дэкрэтам № 3 і паставілі подпісы пад патрабаваннем яго адмены.

Тэкст і фота: Андрусь ГАЁВЫ 

Filed in: Навіны Рэчыцы, Новости политики

Вам могло бы понравиться:

Речицкого наёмника осудили за “помощь” ДНР в войне против Украины. Речицкого наёмника осудили за “помощь” ДНР в войне против Украины.
“Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання” распаўсюдзілі ў Рэчыцы “Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання” распаўсюдзілі ў Рэчыцы
Мова – не «дзікая сумесь»! Яшчэ аднаго рэчычаніна, які публічна абразіў беларускую мову, прыцягнулі да адказнасці Мова – не «дзікая сумесь»! Яшчэ аднаго рэчычаніна, які публічна абразіў беларускую мову, прыцягнулі да адказнасці
«Лепей іх адстрэльваць на вачах людзей?». Камунальнікі ігнаруюць актывістаў у Рэчыцы, якія хочуць гуманна вырашаць лёс валацужных жывёлаў «Лепей іх адстрэльваць на вачах людзей?». Камунальнікі ігнаруюць актывістаў у Рэчыцы, якія хочуць гуманна вырашаць лёс валацужных жывёлаў

2 каментарыя на "Лідары «Гавары праўду» правялі ў Рэчыцы грамадскія слуханні, прысвечаныя Дэкрэту № 3"

  1. сергей кажа:

    подскажите как вступить в партию татьяны короткевич

  2. сергей кажа:

    как вступить в партию т.короткевич?

Leave a Reply

Добавить комментарий

© 2017 Рэчыца. Навіны твайго горада. Усе правы абароненыя.
Яндекс.Метрика